Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.Мілегі, Р.Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.- маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл, залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.